Якія цудоўныя назвы і словы,

Якая цудоўная родная мова!

І ўсё мілагучна для слыху майго:

І звонкае "дзе", і густое "чаго". (П. Панчанка)

         21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Дзень быў устаноўлены ЮНЭСКА ў 1999 годзе з мэтай спрыяць моўнай і культурнай разнастайнасці ды шматмоўю, дзеля захавання моў, якія апынуліся на мяжы знікнення – каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іхуспомнілі. У гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.                                                             

          Што такое мова? Зразумела, кожны адкажа на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны па-свойму разумее значэнне гэтага слова.  Для нашага народа родная мова – беларуская. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на  якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва беларускую мову лічаць роднай большасць грамадзян краіны.                                                             

         Запрашаем Вас звярнуцца да выставы "Родная мова – чыстая, светлая…", якую мы аформілі ў бібліятэцы з нагоды свята і прачытаць хоць якую з прадстаўленых на выставе кніг. А іх, паверце, шмат! Тут і беларускія казкі, і вершы, і калыханкі, і кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў.