25 верасня ў філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка” адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Крынічка”. Вучні 4 “А” класа СШ №4 здзейснілі віртуальную краязнаўчую вандроўку па нашаму роднаму гораду – Ваўкавыску, па яго вуліцах і плошчах, зазірнулі ў самыя славутыя і знакамітыя яго мясціны.
Дзеці даведаліся, што вуліцы Жолудзева, Мядзведзева, Еўдакімава былі названы ў гонар Герояў Савецкага Саюза, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Ваўкавыска. Сквер Памяці, што на вуліцы Жолудзева, быў адкрыты ў 1985 годзе да 40-годдзя Перамогі над нямецка-фашыскімі захопнікамі.
З дапамогай прэзентацыі “Мой Ваўкавыск” пазнаёміліся з такімі помнікамі архітэктуры, як касцёл Святога Вацлава з агароджай і брамай (19ст.), Мікалаеўская царква (1874г.), Петрапаўлаўскі сабор. Больш грунтоўнае віртуальнае падарожжа дзеці здзейснілі па цэнтральнай плошчы імя Леніна і па вуліцы Баграціёна, дзе знаходзіцца ваенна-гістарычны музей імя П.І.Баграціёна.
А таксама вучні разам з бібліятэкарам звярнуліся да мінулага Ваўкавыска і пазнаёміліся з гістарычнымі фотаздымкамі нашага горада і яго будынкаў.