Музей лапшы ў Японіі, музей іншапланецян у ЗША, музей каналізацыі ў Францыі… У свеце шмат музеяў, у якіх прадстаўлены незвычайныя і неверагодныя экспанаты. І наша краіна – не выключэнне. У кожнай вобласці Беларусі можна знайсці дзіўны музей з цікавымі экспанатамі. У гэтым упэўніліся ўдзельнікі літаратурна-краязнаўчага клуба “Крынічка”, які дзейнічае пры філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка”. Для іх, вучняў 4 “А” класа СШ №4, 16 кастрычніка бібліятэкар Халецкая Т.І. правяла ўрок-здзіўленне “Незвычайнае ў звычайным”.

Дзеці змаглі наведаць Музей ката, Музей карэт, Музей дзяцінства, якія знаходзяцца  ў Мінску. Пазнаёміліся з адзінай у рэспубліцы аптэкай-музеем, што ў горадзе Гродна, а таксама з экспанатамі Гомельскага музея крыміналістыкі. Больш за ўсё ўвагу дзяцей прыцягнуў да сябе Музей шакаладу, што ў Віцебску. Усе экспанаты гэтага музея зроблены з шакаладу, памяшканне напоўнена неверагодным пахам, а на ўваходзе наведвальнікам даруецца маленькая шакаладка.

Ні адзін музей не пакінуў дзяцей абыякавымі. І ў канцы мерапрыемства кожны з вучняў вырашыў для сябе, які музей ён хацеў бы наведаць разам з бацькамі ў час летніх канікул.