Музей іншапланецян у ЗША, музей лапшы ў Японіі, музей каналізацыі ў Францыі… У свеце шмат музеяў, у якіх прадстаўлены незвычайныя і неверагодныя экспанаты. І наша краіна – не выключэнне. У кожнай вобласці Беларусі можна знайсці дзіўны музей з цікавымі экспанатамі. У гэтым упэўніліся ўдзельнікі літаратурна-краязнаўчага клуба “Крынічка”, які дзейнічае пры Гарадской дзіцячай бібліятэцы. Для іх, вучняў 2”А” класа СШ №4, 21 снежня супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі віртуальнае падарожжа па самым незвычайным музеям Беларусі. Дзеці змаглі наведаць Музей ката, Музей карэт, Музей дзяцінства, якія знаходзяцца ў Мінску. Пазнаёміліся з адзінай у рэспубліцы аптэкай-музеем, што ў горадзе Гродна, а таксама з экспанатамі Гомельскага музея крыміналістыкі. Больш за ўсё ўвагу дзяцей прыцягнуў да сябе Музей шакаладу, што ў Віцебску. Усе экспанаты гэтага музея зроблены з шакаладу, памяшканне напоўнена неверагодным пахам, а на ўваходзе наведвальнікам даруецца маленькая шакаладка.

         Ні адзін музей не пакінуў дзяцей абыякавымі. І ў канцы мерапрыемства кожны з вучняў вырашыў для сябе, які музей ён хацеў бы наведаць разам з бацькамі ў час летніх канікул.