У кожнай пары года ёсць свае вартасці. Зімой можна ўпрыгожваць елку, ляпіць снегавіка і хадзіць у госці на Каляды. Восенню мы збіраем грыбы і радуемся яркім колерам прыроды. Вясной таксама хораша: шмат кветак, маладыя лісточкі на дрэвах, прабуджаецца ўсё жывое. Лета – самая любімая пара года большасці дзяцей і дарослых, гэта час канікул і адпачынку. Тым не менш, Гарадская дзіцячая бібліятэка “не адпраўляецца на канікулы”, а актыўна вядзе работу па далучэнню дзяцей да чытання.

         1 ліпеня  ў рамках “ЛітФэста” супрацоўнікі Гарадской дзіцячай бібліятэкі арганізавалі на адкрытай пляцоўцы літаратурную сустрэчу “З кніжкай на лаўцы”, удзельнікамі якой сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з прышкольнага лагера СШ №4. У час сустрэчы дзеці пазнаёміліся з творамі сучасных беларускіх аўтараў: М. Пазнякова “Возера Дзіва”, “Серабрыстыя чайкі”, Г. Аўласенка “Дашачка і чароўныя акуляры”, В. Гапеева “Сонечная паляна”, А. Масла “Пацучок Фэлік падарожнічае”, У. Мазго “Завітала ў госці казка” і іншых. Асаблівай папулярнасцю карысталіся казкі К. Хадасевіч-Лісавой. Кніга “Зорка нябесная. Зорка зямная” адкрыла дзецям самыя запаветныя сакрэты бязмежнага космасу. Яны пазнаёміліся з самай абаяльнай зоркай, якая таемна пабывала на Зямлі. З дапамогай кнігі “Палёт у Віхуцію” дзеці здзейснілі завочную касмічную вандроўку на далёкую планету і пазнаёміліся з фантастычна-прыгодніцкай гісторыяй пра дзяўчынку з Зямлі і хлопчыка з таямнічай Вухуціі.

         Бібліятэкары ўпэўнены, што такія мерапрыемствы актывізуюць у дзяцей інтарэс да кнігі, далучаюць да культуры чытання, развіваюць дзіцячую фантазію і творчыя здольнасці.