Ефрасіння Полацкая — полацкая князёўна, ігумення, беларуская святая, дзейнасць якой пакінула значны след у гісторыі нашага краю. А сама Ефрасіння стала сімвалам духоўнага служэння сваёй Радзіме, невычарпальнай крыніцай маральнай сілы і духоўнага адраджэння народа.

12 мая ў філіял “Гарадская дзіцячая бібліятэка” на гістарычны экскурс “Каб душу акрыляў духоўнасці свет” завіталі хлопчыкі і дзяўчынкі 3 “А” класа СШ №4, удзельнікі літаратурна-краязнаўчага клуба “Крынічка”.

Каб зацікавіць дапытлівых вучняў, бібліятэкар Халецкая Т. І. падрыхтавала невялічкую мультымедыйную прэзентацыю “Святая заступніца і асветніца Беларусі”, падчас якой дзеці даведаліся аб жыццёвым шляху і духоўных подзвігах Ефрасінні Полацкай, стварэнні Ефрасіннеўскага Крыжа, узгадалі, як беларускі народ шануе памяць аб сваёй нябеснай заступніцы.

Напрыканцы мерапрыемства, для таго каб замацаваць атрыманыя веды, вучні з вялікім задавальненнем разгадвалі крыжаванку, а таксама пазнаёміліся з выставай кніг пра беларускую святую.