У цёмныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся ўсёй сям’ёй, каб адзначыць самае галоўнае і ўрачыстае свята – Каляды. Беларускія традыцыі святкавання Каляд прайшлі праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён.
5 студзеня ў філіял “Раённая дзіцячая бібліятэка” завіталі хлопчыкі і дзяўчынкі з СШ № 5 каб даведацца пра святкаванне Каляд на Беларусі.
Назва свята мае язычніцкія карані. Лічыцца, што яна ўтварылася ад слова «кола», што азначае «сонца». Традыцыйна Каляды звязвалі з днём першага зімовага сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага году –як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. Святкаваць пачыналі 25 снежня, а заканчвалі 6 студзеня. Але калі на нашы землі прыйшло хрысціянства, свята ўвабрала ў сябе новыя рысы: пачаткам Каляд стала Раство, а канцом –Вадохрышча.
Падчас мерапрыемства дзеці пачулі калядныя песні. Прынялі ўдзел у конкурсе “Ладныя калядкі”, прачытаўшы калядныя вершы, прыказкі і прымаўкі. У бібліятэцы панавала перадсвяточная атмасфера, таму не абышлося сёння без гульняў. Спачатку нашы госці адгадвалі прадмет з “Зачараванага мяшочка”, апрануўшы тоўстую рукавіцу. Потым распачалі гульні “Заінька” і “Грушка”, паказаўшы спрыт, увагу і хуткасць рэакцыі. Напрыканцы сустрэчы дзеці з задавальненнем пагарталі і пачыталі яскрава ілюстраваныя выданні з фонда бібліятэкі.