Дубянецкі, Э. С. Асветнікі Беларусі. Ефрасіння Полацкая. Кірыла Тураўскі. Францыск Скарына. У кнізе ў папулярнай форме апавядаецца пра жыццёвы шлях, светапогляд і шматгранную асветніцкую дзейнасць хрысціянскай падвіжніцы, ігуменні манастыра Святога Спаса ў Полацку Ефрасінні Полацкай, багаслова, царкоўнаг пісьменніка, епіскапа Кірылы Тураўскага і беларускага, усходнеславянскага першадрукара, культурнага дзеяча, мысліцеля-гуманіста Францыска Скарыны. |
Зубры – гаспадары: творы пра беларускіх волатаў. Зубр – найбольш цяжкая і буйная жывёліна ў Еўропе і Беларусі. Гэта апошні прадстаўнік дзікіх быкоў. Найбліжэйшы сваяк зубра – амерыканскі бізон. Прыручыць зубра яшчэ ні разу не ўдавалася. Даўжыня цела зубра да трох з паловай метраў, вышыня ў карку да двух метраў, маса да адной тоны. Вонкава зубр падаецца маларухомай жывёлінай. Але ў раз’ятранага зубра рухі становяцца маланкавымі, а бег хуткасным. Зубры цудоўныя скакуны. Калі ратуюцца ад пагоні, могуць пераскочыць канаву да трох метраў. Выява зубра ўпрыгожвае герб Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, горада Свіслач Гродзенскай вобласці. Зубры на гербе сімвалізуюць уладу, сілу прыроды, якую цяжка прыручыць, мужнасць, велікадушнасць і працавітасць. У першай кнізе серыі “Нашы сімвалы” вас чакаюць неверагодныя сустрэчы з зубром – сімвалам Беларусі. Чытайце – і ганарыцеся. |
Буслава айчына: творы пра родную беларусам птушку. У другой кнізе серыі “Нашы сімвалы” вас чакаюць неверагодныя сустрэчы з буслом – сімвалам Беларусі. Дзякуючы буслу Беларусь назвалі “краінай пад белымі крыламі”. Гэткую назву даў сваёй кнізе пра Беларусь Уладзімір Караткевіч. Беларусь уваходзіць у пяцёрку краін, якія найболей даспадобы гэтым птушкам. Рост бусла 100-125 сантыметраў, размах крылаў 155- 200 сантыметраў. Калі крылы ў бусла складзеныя, ствараецца ўражанне, што ўся задняя частка цела бусла – чорная. Бусел не мае голасу. Ён выдае гукі, калі шчоўкае дзюбай. Жыве бусел да 30 гадоў. Утварае заўсёдныя пары. Кублы, якія маюць назву буслянкі, бусел будуе паблізу чалавечага жытла на дрэвах, дахах будынкаў, апорах высокавольтных ліній. Чым старэйшая буслянка, тым яна большая. Некаторыя буслянкі важаць некалькі цэнтнераў, а часам і да дзвюх тон. Беларусы вельмі любяць буслоў, уважаюць іх ахоўнікамі жытла, узорам сямейнага шчасця. Згодна з народнымі ўяўленнямі, бусел прыносіць дзяцей. Народная традыцыя забараняе рабіць шкоду буслянцы. |