19 кастрычніка ў філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка” прайшло чарговае пасяджэнне клуба “Крынічка”. На гэты раз вучні 4 “А” класа СШ №4 адправіліся ў кніжнае падарожжа. Удзельнікі клуба пазнаёміліся з серыяй кніг “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя”.

Разам з галоўнымі героямі кнігі “Да бабулі на вёску”, дзяўчынкай Паўлінкай і хлопчыкам Міхаськам, дзеці пазнаёміліся з асаблівасцямі жыцця беларусаў у мінулым: даведаліся аб традыцыйных занятках сялян, іх абрадах, прыладах працы, побыце, нацыянальных стравах.

З дапамогай кнігі “Цеплыня душы ў звычайных рэчах” вучні здзейснілі цікавую вандроўку па загадкавай краіне народнага мастацтва. Яны атрымалі шмат займальнай інфармацыі пра гісторыю і сучасны стан старадаўніх беларускіх рамёстваў, асаблівасці стварэння той ці іншай рэчы, знайшлі адказы на пытанні: чаму ў даўніну кавалёў лічылі чараўнікамі, з якога ўзросту дзяўчынкі пачыналі ткаць.

Пра гісторыю паходжання і сутнасць асобных народных, рэлігійных і дзяржаўных свят і святочных дзён вучні даведаліся з кнігі А.Лозка “Святы Беларусі”.

Кніжнае падарожжа атрымалася займальным і вясёлым, а дзеці адкрылі для сябе шмат новага, цікавага і карыснага.