21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Беларусь – наша Радзіма, таму беларуская мова для нас родная і самая прыгожая.

Сёння ў філіяле “Раённая дзіцячая бібліятэка” для вучняў СШ №8 г.Ваўкавыска прайшла гульня-віктарына “Каласы роднай мовы”, якую падрыхтавала бібліятэкар Таццяна Лупачова.

У гэты дзень ў бібліятэцы гучалі вершаваныя радкі беларускіх пісьменнікаў: Максіма Танка і Янкі Купалы, Якуба Коласа і Васіля Віткі. Прысутныя прынялі ўдзел у конкурсе перакладчыкаў і гульне-загадцы “Агарод на талерцы”, створанай па вершаваных загадках Анатоля Зэкава. Кожны імкнуўся першым сказаць правільны адказ. Віктарына “Беларускія прысмакі” нагадала ўсім, якія беларускія нацыянальныя стравы можна прыгатаваць дома з бацькамі. Гэта і каўдуны, і зацірка, і бонды, а таксама ўсім нам любімыя дранікі.

Падчас мерапрыемства рабяты даведаліся пра жаночы і мужчынскі строй беларускага нацыянальнага адзення і хутка знайшлі сярод карцінак людзей у розных нацыянальных касцюмах “беларуса з беларусачкай”.

Напрыканцы мерапрыемства дзеці з задавальненнем пачыталі яскравыя і цікавя кніжкі на роднай мове.