Пра паэтаў нашай малой радзімы вядома не вельмі шмат, хоць многія з іх жывуць або жылі  сярод нас. Адзін з такіх – Валянцін Сяргеевіч Хмара.

13 красавіка ў філіяле  «Гарадская дзіцячая бібліятэка» адбылося літаратурнае знаёмства з творчасцю нашага земляка Валянціна  Хмары “Голас роднай старонкі”, прымеркаванае да 95-годдзя з дня яго нараджэння. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 9 “Б” класа СШ №4 разам з класным кіраўніком і адначасова настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Вайтовіч Т.У.

Бібліятэкар Жылінская С.В. пазнаёміла прысутных з кароткімі звесткамі аб жыццёвым шляху паэта,  адзначыла самыя галоўныя тэмы ў творчасці аўтара, прадставіла зборнікі яго твораў: “Чабарок”, “Заранка”, “Росныя травы”, “Вобразы Ваўкавыскага краю”.

У чытальнай зале бібліятэкі прагучалі патрыятычныя вершы, вершы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, Чарнобыльскай трагедыі. Не засталіся  не адзначанымі вершы любоўнай і пейзажнай лірыкі, а таксама творы, прысвечаныя павазе да сваіх бацькоў.

У нашы дні, калі перавага так часта аддаецца прагматызму і імгненнай карысці, Валянцін Хмара вяртае нас да духоўных каштоўнасцей, нагадвае іх сапраўднае месца і ролю ў жыцці чалавека. І ў гэтым – галоўная вартасць вершаў паэта.