Янка Маўр, сапраўднае імя Іван Міхайлавіч Фёдараў – беларускі пісьменнік, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі.

Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў. Член Саюза пісьменнікаў СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР. Заслужаны дзеяч культуры БССР.

26 красавіка ў філіяле “Раённая дзіцячая бібліятэка” прайшло мерапрыемства “Чалавек з крылатай фантазіяй”, прымеркаванае да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра. У бібліятэку завіталі вучні 6 “А” класа СШ №3 г. Ваўкавыска.

Бібліятэкар Баклажэц Ж.Г. расказала вучням цікавыя звесткі біяграфіі пісьменніка. Янка Маўр быў не толькі таленавітым пісьменнікам, але і адукаваным чалавекам, валодаў незвычайнымі здольнасцямі. Ён быў  вядомым эсперантыстам, вёў перадачу для эсперантыстаў на беларускім радыё. Захапляўся спірытызмам. Янка Маўр амаль усё жыццё сябраваў з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам, яны нават пажанілі дзяцей. Свой творчы псеўданім узяў адразу, калі пачаў пісаць. А справа ў тым, што ён – поўны цёзка рускага першадрукара Івана Фёдарава.

Пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю вядомага беларускага пісьменніка дапамог фільм “Капітан дзіцячых мараў. Янка Маўр”, які ўсе прысутныя паглядзелі з цікавасцю.

У канцы сустрэчы бібліятэкар  пазнаёміла дзяцей з кнігамі Я. Маўра.