24 мая ў філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка” адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Крынічка”. На гэты раз вучні 4 “А” класа здзейснілі краязнаўчую вандроўку па нашаму роднаму гораду – Ваўкавыску, па яго вуліцах і плошчах, зазірнулі ў самыя славутыя і знакамітыя яго мясціны.

Дзеці даведаліся, што вуліцы Жолудзева, Мядзведзева, Еўдакімава, Гарбатава, Барычэўскага былі названы ў гонар Герояў Савецкага Саюза, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Ваўкавыска. Сквер Памяці, што на вуліцы Жолудзева, быў адкрыты ў 1985 годзе да 40-годдзя з Дня Перамогі над нямецка-фашыскімі захопнікамі.  З дапамогай прэзентацыі “Мой Ваўкавыск” пазнаёміліся з такімі помнікамі архітэктуры, як касцёл Святога Вацлава з агароджай і брамай (19ст.), Мікалаеўская царква (1874г.), Петрапаўлаўскі сабор.  Больш  грунтоўнае віртуальнае падарожжа  дзеці здзейснілі па  вуліцы Баграціёна, дзе знаходзіцца ваенна-гістарычны музей імя П.І.Баграціёна і па цэнтральнай плошчы імя Леніна.

А таксама вучні разам з бібліятэкарам звярнуліся да мінулага  Ваўкавыска і пазнаёміліся з гістарычнымі фотаздымкамі нашага горада і яго будынкаў.