Беларусь – гэта залатыя палі збажыны з сінімі вачамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, дзе горда нясуць свае кроны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца рыбы на захадзе сонца. Чароўны кут, казачны край – наша Беларусь.

11 верасня ў філіяле “Раённая дзіцячая бібліятэка” для вучняў 2 “В” класа СШ №3 прайшло краязнаўчае падарожжа “Мой край, мой рай бульбяна-жытні”, якое падрыхтавала бібліятэкар Таццяна Лупачова.

Сёння госці бібліятэкі прынялі ўдзел у геаграфічным конкурсе  “Любая старонка”, конкурсе перакладчыкаў “Роднае слова” і гульне-загадцы “У полі, лузе, агародзе”, створанай па вершаваных загадках Яніны Жабко і Міхаіла Пазнякова”. Хлопчыкі і дзяўчынкі імкнуліся, як мага хутчэй даць правільныя адказы.

Кожны народ мае сваё нацыянальнае адзенне, не выключэнне і беларусы. Віктарына “Карагод сяброў” нагадала ўсім, як выглядае беларускі касцюм, а таксама нацыянальнае адзенне іншых народаў.

Напрыканцы мерапрыемства дзеці з задавальненнем паслухалі і праспявалі песню “Беларусь – мой дом”.