19 снежня ў філіял “Гарадская дзіцячая бібліятэка” на літаратурнае знаёмства з кнігамі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой “Казачніца XXI стагоддзя” завіталі хлопчыкі і дзяўчынкі літаратурна-краязнаўчага клуба “Крынічка”.

Дзеці даведаліся пра  асноўныя факты з жыцця і творчасці К. Хадасевіч-Лісавой, прагледзелі відэафільм “Суразмоўцы”, і, безумоўна, пазнаёміліся з самымі цікавымі яе творамі.

Кніга “Падарожжы ў Чароўны лес” запрашае сваіх чытачоў у дзівосныя вандроўкі па Чароўным лесе. Кожнае падарожжа – сустрэча з новымі казачнымі персанажамі, якія стануць сапраўднымі сябрамі для чытача, і дапамогуць  спасцігнуць вечныя каштоўнасці сяброўства, узаемадапамогі, дабрыні і міласэрнасці.

“Жахліўчык пра трох сяброў і прывід з хутара; Жахліўчык пра жудасную ноч і чатырох сябровак” – гэта незвычайная кніга, кніга-перакрутка, якая распавядае  дзве страшныя гісторыі.

А разам з галоўнымі героямі кнігі “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка” можна здзейсніць дзівоснае падарожжа ў Зніч-гарадок і Аблокавую краіну, сустрэцца з зоркамі-красунямі і пазнаёміцца з Феяй, якая адкрые таямніцу прыгатавання эліксіру казачных сноў.

Увогуле, творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой  вучаць быць добрымі, шчырымі, спагадлівымі, ветлівымі, цаніць сяброўства і разумець агульначалавечыя каштоўнасці, а таму ніхто з прысутных не застаўся расчараваным і адзначыў для сябе кнігу, якая яму найбольш спадабалася.