У студзені 2024 года споўнілася сто гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага.

Партызан, франтавік, журналіст, пісьменнік, патрыёт сваёй краіны… Алесь Савіцкі пражыў доўгае жыццё, 91 год. Юнаком, прыпісаўшы сабе адзін год, пайшоў у партызаны, праз год стаў камандзірам падрыўной групы. На яго рахунку мноства знішчаных нямецкіх эшалонаў, узарваных мастоў. Шмат пабачыў, перажыў, асэнсаваў. Яго характар і светапогляд назаўсёды сфарміравала вайна. Усё жыццё пісаў пра тое, што перажыў сам, у сваім яшчэ зусім маладым узросце. Большасць яго ваенных сяброў, з якімі партызаніў, а пасля браў Берлін – загінулі. Таму ён лічыў, што павінен гаварыць і ад іх імя. Ні ў жыцці, ні ў творчасці ніколі не здрадзіў ён сваёй павазе салдатам, усім абаронцам Айчыны, як ваенным, так і мірным жыхарам.

Для вучняў 5 класа СШ №2 у філіяле “Раённая дзіцячая бібліятэка” 29 студзеня прайшло мерапрыемства ў форме літаратурнага дасье “Алесь Савіцкі і яго выхаваўчыя кнігі”. Школьнікі пазнаёміліся з асобай пісьменніка, з фактамі яго біяграфіі, паглядзелі відэасюжэт, дзе Алесь Савіцкі сам расказвае пра самае незабыўнае ў сваім лёсе.

Хлопчыкам і дзяўчынкам быў прапанаваны абзор кніг пісьменніка-юбіляра, што ёсць у фондзе бібліятэкі, сярод якіх былі не толькі дакументальныя і мастацкія кнігі пра вайну, але, таксама, цудоўныя казкі, вясёлыя і павучальныя.