У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды 15 лютага ў філіяле “Раённая дзіцячая бібліятэка” для выхаванцаў ДЦРР №11 прайшло кніжнае знаёмства “Па старонках беларускіх казак”.

У бібліятэцы гучалі радкі з беларускіх народных казак  пра гераічных волатаў-асілкаў, што перамагаюць розных пачвар “Каваль-волат”, “Удовін сын”,  а таксама казкі пра жывёл “Ліса, заяц і певень”, “Ганарыстая варона”, казкі-рыфмаванкі з кнігі Генадзя Аўласенкі “Як зрабіць з мухі слана”.

Маленькія наведвальнікі бібліятэкі прынялі ўдзел у конкурсе перакладчыкаў і гульне–загадцы “Смачная талерка”, створанай па вершаваных загадках Анатоля Зэкава. Кожны імкнуўся першым адказаць на пытанне.

Напрыканцы мерапрыемства дзеці з задавальненнем пагарталі яскравыя і цікавыя кніжкі на роднай мове.