19 лютага ў філіял “Раённая дзіцячая бібліятэка” завіталі дзеці з прышкольнага лагера СШ №7 на літаратурны ваяж “Таямнічая планета Уладзіміра Мазго”.

Уладзімір Мінавіч Мазго – беларускі паэт, перакладчык, аўтар кніг для дзяцей і дарослых, ганаровы грамадзянін Зэльвеншчыны. Многія яго вершы сталі папулярнымі песнямі. У гэтым годзе аўтар адзначае юбілей – 65 гадоў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі паслухалі факты з біяграфіі паэта, пачулі аб тым, як нараджаюцца вершы, адкуль бяруцца сюжэты для новых твораў. Гумарыстычныя вершы ўзнялі настрой, вершы пра Радзіму, маму, родную прыроду настроілі на філасофскі лад.

Шмат у аўтара-юбіляра вершаваных загадак, скарагаворак і іншых літаратурных забаўлянак. Дзеці з задавальненнем іх адгадвалі, над іншымі прыйшлося добра прызадумацца. Усіх пасмяшылі казкі пра ката-марахода, пеўніка-спеўніка, зацікавілі казкі аўтара-перакладчыка: пра тое, як у кенгуру з’явілася на жываце сумка, або як у аўстралійцаў з’явіўся бумеранг.